РУ БЕ EN

Незвычайная экскурсія

29.04.2024

Для вучняў і настаўнікаў Сыраваткінскай базавай школы 26 красавіка быў не зусім звычайны дзень: мы сталі ўдзельнікамі незвычайнага падарожжа па спіралі часу ў музеі інтэрактыўнай гісторыі “Сула”.

Яшчэ здалёку мы ўбачылі прыгожыя вежы замкаў, пачулі гукі валынкі і стрэлы з пушкі. І вось мы ў незвычайным месцы. Прайшоўшы праз мост, які нібы злучае цяперашні час з далёкім мінулым, мы адразу ж трапілі на дракар (вялікае судна), на якім адправіліся па рацэ Сула да стаянак старажытнага чалавека, дзе акунуліся ў летапісную гісторыю нашай роднай зямлі. Менавіта тут, на беразе паўнаводнай Сулы, 500 гадоў да нараджэння Хрыстова, пасяліліся нашы продкі, стварылі сваё гарадзішча, будавалі дамы, маліліся старажытным багам…

Неўзабаве мы апынуліся ў Сярэднявеччы, дзе адбылася сустрэча з каралём Міндоўгам у яго велічным замку. Наведалі ганчарню і, як зачараваныя, назіралі за работай майстра-ганчара. Даведаліся, як адбывалася навучанне ў той час у школе.

Шпацыруючы па брукаваных вуліцах беларускага мястэчка, мы завіталі ў пякарню, дзе выпякаюць духмяны смачны  хлеб, на почту і ў музей тэатра. Тут мы даведаліся гісторыю ўзнікнення Батлейкі і з задавальненнем прагледзілі п’есу “Ганарысты парсюк” па аднаіменнай байцы К. Крапівы.

На працягу ўсёй экскурсіі прыемна гучала прыгожая беларуская мова і ўражвалі касцюмы экскурсаводаў. Мы змаглі не толькі папоўніць свой багаж новымі ведамі, але і непасрэдна дакрануцца да гісторыі сваёй Радзімы і народа.

Фотогалерея: