РУ БЕ EN

Кацярына і Валерыя – будучыя педагогі

25.01.2024

Рогач Кацярына і Рапацэвіч Валерыя - вучаніцы 9 “Б” класа сярэдняй школы № 7 г. Смаргоні. Як і ва ўсіх выпускнікоў, у іх хутка настане час выбіраць жыццёвую дарогу. Але дзяўчаты ўпэўнены, што вельмі доўга думаць ім не прыйдзецца. А ўсё таму, што яны ўжо вызначылі свой накірунак: пасля заканчэння школы пойдуць вучыцца на настаўнікаў.

Каб паспрабаваць сябе ў гэтай ролі, дзевяцікласніцы папрасілі дазволу ў класнага кіраўніка 2 “Б” класа Шэвярэнкі Святланы Канстанцінаўны пазнаёміцца з вучнямі і правесці ў іх па некалькі ўрокаў. 

Пачынаючы ад сярэдзіны снежня, дзяўчаты вельмі адказна і карпатліва рыхтаваліся: гутарылі з вучнямі, выбіралі прадметы і тэмы ўрокаў, чыталі праграмы, каляндарнае планаванне, падручнікі. Потым разам з настаўніцай складалі сцэнарыі.

У выніку юныя “педагогі” правялі па два ўрокі: Кацярына беларускую мову і чалавек і свет, Валерыя матэматыку і літаратурнае чытанне.

Заключным акордам стала класная гадзіна, на якой дзяўчаты запрасілі сваіх вучняў у гульню-падарожжа “У гасцях у спадарыні Навукі”.

Дзелячыся ўражаннямі, дзевяцікласніцы адзначылі, што рыхтавацца да ўрокаў было больш складана, чым праводзіць іх, але ўвогуле быць настаўніцамі ім спадабалася.

Фотогалерея: