РУ БЕ EN

На маленькай радзіме вялікага паэта

29.12.2023

На зімовых канікулах вучні Сыраваткінскай базавай школы наведаліся з экскурсіяй у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Вязынка”. Менавіта тут, у колішнім маёнтку Вязынка, у 1882 годзе нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч, будучы народны паэт Беларусі Янка Купала.

Пераступіўшы парог хаты, мы адразу адчулі атмасферу даўняга побыту: драўляныя сцены, печ з засушанымі травамі, тканыя дываны, калыска, гліняны посуд. Мы з вучнямі ўважліва слухалі аповед экскурсавода аб сям’і Луцэвічаў і вялікім жаданні маленькага Янкі вучыцца. У пакоі, дзе жыла сям’я паэта, і сенцах узноўлены тагачасны інтэр’ер. Мы разглядвалі фотаздымкі і мелі магчымасць прачытаць рукапісы Янкі Купалы. З вялікім задавальненнем слухалі вершы паэта, якія нам чытала экскурсавод.

У наш час да дня нараджэння паэта на тэрыторыі запаведніка праводзяцца Рэспубліканскія святы паэзіі, песні і народных раместваў, праходзяць злёты студэнтаў-філолагаў БДУ.

Вандроўка на малую радзіму вялікага паэта нікога  не аставіла раўнадушным – кожны змог дакрануцца да гісторыі сваёй Радзімы.

 

 

Людміла Раманоўская, настаўнік рускай мовы і літаратуры Сыраваткінскай базавай школы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці

Фотогалерея: