РУ БЕ EN

Дзіцячыя разважанні аб дарослых праблемах

01.12.2023

3 снежня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень інваліда. На пярэдадні гэтай даты настаўнік-дэфектолаг Сольскага дзіцячага сада запрасіла выхаванцаў старшай групы на гутарку-разважанне. Тэмай ўзаемадзеяння ўдзельнікаў стала праблема людзей з інваліднасцю, тэма, якая лічыцца дарослай і вельмі складанай для дзіцячага ўспрымання. На пачатку размовы было адзначана, што ўвогуле усе людзі розныя: рознага полу, колеру скуры, росту, нацыянальнасці, розных здольнасцей. Ніводзін чалавек не ідэальны і сярод усіх гэтых людзей сустракаюцца яшчэ асаблівыя людзі- інваліды. Прагляд мультфільма "Пра Дзіму" выклікаў у маленькіх сэрцах выхаванцаў неабсяжныя пачуцці эмпатыі, суперажывання, добразычлівасці, чуласці. Разглядаючы карціны з выявамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дзеці разважалі аб тым, якое складанае і асаблівае ў іх жыццё, прапаноўвалі свае спосабы дапамогі ім, замацоўвалі правілы паводзін пры сустрэчы і зносінах з імі. Гутарка аб несправядлівасці лесу раскрыла ў выхаванцаў дарослыя думкі аб тым, што ад гэтага не застрахаваны ніхто і як важна заўсёды клапаціцца аб сваім здароўі і бяспечных паводзінах. У сям'і аднаго з нашых выхаванцаў выхоўваецца хлопчык-інвалід і рабяты вырашылі падарыць яму паштоўкі з рознакаляровай вясёлкай пажаданняў моцнага здароўя, трываласці духу, усмешак, бадзёрасці і радасці ў рамках акцыі "Добрае сэрца", якая праходзіла ў дзіцячым садзе.
Вельмі радуе тое, што ў маленькіх сэрцах нашых выхаванцаў зараджаюцца вялікія пачуцці дабрыні, спагады, талерантнасці, міласэрнасці, а гэта значыць - што працуем мы над іх выхаваннем недарэмна!
Настаўнік-дэфектолаг
Сольскага дзіцячага сада
Наталля Уладзіміраўна Тур

Фотогалерея: