РУ БЕ EN

Гучы, беларуская мова!

20.11.2023

Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая і  звонкая наша мова. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй патрэбнае слова і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі.

 Каб выклікаць цікавасць вучняў да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, раскрыць індывідуальныя і творчыя здольнасці, пазнавальныя інтарэсы, стварыць умовы для інтэлектуальнага і эмацыянальнага самавыражэння асобы школьніка, у сярэдняй школе №7 г.Смаргоні  з 20 па 25 лістапада праходзіць Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Распачаўся Тыдзень акцыяй “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!” У акцыі прынялі ўдзел не толькі вучні, але і дарослыя:  настаўнікі  і персанал школы. Дзяўчаты ў нацыянальным адзенні з прыгожымі прывітальнымі словамі звярталіся да ўсіх, хто заходзіў ва ўстанову, і заклікалі паспрабаваць свае сілы ў перакладзе слоў на беларускую мову. Пераклаў слова – атрымай ласунак. Прыемна было пачуць беларускае слова і ад вучняў,  і ад калег-настаўнікаў.

Навучэнцы 11-х класаў прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні ”Літаратурны рынг”. Падчас мерапрыемства старшакласнікі праявілі кемлівасць, здагадлівасць, паказалі свае веды ў розных намінацыях: “Беларускія асветнікі”, “Культурная спадчына”, “У свеце народных традыцый” , “Свет нашых продкаў”, “Сем падказак”і інш. Мерапрыемства прайшло ў цёплай і дружалюбнай абстаноўцы.

У гэты ж дзень ладзіліся выставы ў кабінетах беларускай мовы і літаратуры, у бібліятэчным цэнтры: “Сэрцам роднага слова краніся”, “Дзіўнай мовы пералівы”, “З роднай мовай круглы год”, “Смак роднай мовы”, “Пісьменнікі-юбіляры - 2023”.

 Прадметны тыдзень  – гэта цікава! Прадметны тыдзень  – гэта магчымасць праявіць сябе! Прадметны тыдзень – гэта новыя сустрэчы і знаёмствы! Далучайцеся да святкавання!

Фотогалерея: