РУ БЕ EN

Таямніца Мірскага замка

25.09.2023

Таямніца Мірскага замка

Цікава і пазнавальна прайшлі выхадныя для вучняў Сыраваткінскай базавай школы. У рамках шостага школьнага дня вучні VI-IX класаў наведалі ўнікальны помнік нацыянальнай культуры Беларусі – замкавы комплекс “Мір” і прынялі ўдзел у квэсце “Таямніца двух куфраў”.

Перад пачаткам гульні мы азнаёміліся з экспазіцыяй музея, па камяных прыступках змаглі падняцца на розныя ярусы Цэнтральнай і Паўднёва-заходняй абарончых вежаў, спусціліся  ў турэмны падвал. Мы з вучнямі ўважліва разглядалі музейныя экспанаты, знаёміліся з інфармацыяй да іх і з хваляваннем чакалі пачатку квэста.

Усіх удзельнікаў гульні падзялілі на каманды (па 4 у кожнай) і пазнаёмілі з умовамі правядзення квэсту. Падчас правядзення рамонтных работ уладальнік Мірскага замка, князь Міхаіл Святаполк-Мірскі, знайшоў старадаўні куфар, які стагоддзямі знаходзіўся ў адным з падвалаў. З запіскі, знойдзенай побач з куфрам, вынікае, што гэты скарб схаваў князь Караль Станіслаў Радзівіл Справядлівы падчас вайны са шведамі. Нягледзячы на ўсе намаганні, князю Міхаілу не ўдаецца адкрыць куфар, таму ён запрашае гасцей замка дапамагчы разгадаць таямніцу князёў Радзівілаў. Але для гэтага неабходна прайсці шэраг выпрабаванняў.

Атрымаўшы ліст з заданнямі, мы адправіліся шукаць адказы, каб у выніку даведацца код ад замка куфра. Нам прыйшлося дапамагчы кухарцы прыгатаваць страву для князя. З аповеду жабрачкі даведаліся  аб сумных падзеях Паўночнай вайны. А княгіня Марыя Гогенлоэ-Шылінгсфюрст нават запрасіла нас на паляванне і расказала цікавую гісторыю аб яе незвычайных захапленнях. Сярод музейных экспанатаў знаходзілі патрэбныя нам рэчы і запісвалі іх назвы або колькасць літар у назве. Успаміналі, дзе бачылі той ці іншы надпіс у вежы, разгадвалі рэбусы і адчувалі сябе сапраўднымі знаўцамі гісторыі. Выканаўшы шэраг заданняў, вярталіся да князя Міхаіла і спрабавалі адчыніць куфар. Усе ўдзельнікі квэста выдатна справіліся з выпрабаваннямі. Таямніца разгадана! У куфры знаходзіўся ключ ад уваходных варот замка.

Атрымаўшы з рук князя Міхаіла падарунак (сувенірны ключ з надпісам “Мірскі замак”), з добрым настроем мы вярталіся дамоў.

 

 

Людміла Раманоўская, кіраўнік па ваенна-патрытычным выхаванні Сыраваткінскай базавай школы

Фотогалерея: