РУ БЕ EN

Першыя спаборніцтвы вадзіцеляў школьных аўтобусаў прайшлі ў Смаргоні

24.08.2023
“Вадзіцель школьнага аўтобуса – гэта той чалавек, які забяспечвае дзецям магчымасць бяспечна дабрацца ў школу ці садок. Гэта першы школьны работнік, якога сустракае вучань раніцай. Бывае, што вадзіцель вызначае настрой дзіцяці на цэлы дзень, а калі настрой будзе добры, то і веды засвойваюцца куды лягчэй”, - зазначыў намеснік старшыні райвыканкама і старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ігар Шчасны, вітаючы ўдзельнікаў першых раённых спаборніцтваў вадзіцеляў школьных аўтобусаў, што прайшлі ў Смаргоні 23 жніўня.
 

Падчас спаборніцтваў вадзіцелям давялося яшчэ раз “здаць экзамены” па практычным ваджэнні і тэорыі. Іспыты на аўтадроме ўключалі ў сябе паралельную паркоўку, паркоўку заднім ходам і заезд на эстакаду. Улічваліся дакладнасць пры выкананні кожнага практыкавання і скорасць прахаджэння трасы.

Скорасць і адсутнасць памылак сталі вызначальнымі і для тэарэтычнай часткі спаборніцтваў. У выніку пераможцамі абодвух этапаў сталі Іван Вяршковіч з Сінькоўскай СШ, Казімір Ражынскі з Сыраватак і Іосіф Пішчака з Войстама. Усе яны атрымалі дыпломы ад упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама, падарункі ад ГА “Белая Русь” і раённай арганізацыі прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі.

Як падкрэсліла кіраўнік цэнтра па забеспячэнні дзейнасці устаноў адукацыі Смаргонскага раёна Ірына Шульга, вадзіцелі школьных аўтобусаў – усе вопытныя, адказныя. Ім не страшна даверыць і тэхніку, і дзяцей.

Іван Вяршковіч, напрыклад, працуе вадзіцелем амаль паўвека. Спачатку кіраваў аўтамабілем, пасля ездзіў на чырвоным калгасным ПАЗіку. А калі спатрэбіўся вадзіцель на школьны аўтобус, райвыканкам звярнуўся да Івана Анрэевіча. І вось ужо 23 гады ён збірае дзяцей з навакольных вёсак і вязе ў Сінькоўскую школу. Маршрут доўгі, даводзіцца рабіць некалькі рэйсаў: Ласавічы, Сялец, Вясенняя, Суцькава. Вадзіцель жартуе, што яму добра было б мець запасную пару вушэй, каб адначасова прыслухоўвацца для зменаў у гуку матора і таго, што адбываецца ў салоне: а раптам камусьці з дзяцей стане дрэнна.

У Віталія Навагеля – вадзіцеля з Крэўскай СШ – стаж ваджэння куды меншы. Але адносіцца да сваёй работы з вялікай адказнасцю гэта не перашкаджае. “Галоўнае, аб чым трэба памятаць кожную хвіліну, - гэта ўважлівасць. Памылкі вадзіцеля часта бываюць непапраўнымі, а за маёй спінаю – поўны салон дзяцей”, - падзяліўся ён.

“Патрабаванні да школьных аўтобусаў і іх вадзіцеляў у Беларусі даволі строгія, - расказаў старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ Віталій Кандратовіч. – Аўтобусы павінны мець дзве аптэчкі, два-тры вогнетушыцеля, раз на 6 месяцаў праходзіць тэхагляд. Вадзіцелі штогод павінны праходзіць медыцынскую камісію, у іх не павінна быць адміністрацыйных правапарушэнняў”.

Віталій Кандратовіч адзначыў таксама, што ўсе аўтобусы адпавядаюць нормам, а майстэрствам вадзіцеляў, паказаным на конкурсе, ён цалкам задаволены.

ссылка на статью

Фотогалерея: