РУ БЕ EN

Папулярызацыя настаўніцкай прафесіі

10.05.2023

Папулярызацыя настаўніцкай прафесіі - адна з прыярытэтных задач  

У жыцці няма нічога лепш уласнага досведу.

Вальтэр Скот

Праблему недахопу настаўнікаў і выхавацеляў вырашаюць на розных узроўнях: як у рэспубліцы, так і на месцах. Немалаважнае значэнне гэтай праблеме надаюць і ў сярэдняй школе № 7 г.  Смаргоні. Для яе вырашэння праводзяцца розныя мерапрыемствы.

Так, напрыканцы заканчэння навучальнага года вучні 11 класа  правялі дзень самакіравання.

Як паказвае вопыт, гэта на самай справе захапляльнае мерапрыемства, калі настаўнікі могуць адпачыць ад напружанай працы, а дзецям прадастаўляецца магчымасць хай і на адзін дзень правесці ўрокі і адчуць сябе ў ролі педагога.

Дзеці старанна рыхтаваліся да гэтага дня: распрацавалі канспекты ўрокаў па англійскай мове, біялогіі, гісторыі, матэматыцы, працоўным навучанні, геарафіі, беларускай літаратуры для вучняў 5-10 класаў і ўзгаднілі іх з настаўнікамі-прадметнікамі. Падчас урокаў “новапрызначаныя настаўнікі” правяралі хатнія заданні, сачылі за дысцыплінай і стараліся падзяліцца з малодшымі вучнямі тымі ведамі, якімі валодалі самі.

Дзелячыся ўражаннямі, адзінаццацікласнікі прызналіся, што ў гэты дзень яны адчулі сябе сапраўднымі настаўнікамі, дзякуючы ўласнаму досведу ў поўнай меры ўсвядомілі цяжкасць і адказнасць, з якімі іх педагогі сутыкаюцца штодня. А яшчэ дзеці паабяцалі да канца навучальнага года добрасумленна рабіць хатнія заданні, выконваць дысцыпліну, а калі пераступяць парог школы, памятаць пра сваіх настаўнікаў і выхоўваць ва ўласных дзецях паважлівае стаўленне да педагогаў.

"Дзень самакіравання – гэта выдатная магчымасць не толькі для таго, каб даць старшакласнікам магчымасць праявіць свае якасці, але і каб папулярызаваць педагагічную прафесію”, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марыя Сташко.

Дарэчы сказаць, дзень самакіравання – гэта не адзінае мерапрыемства, якое праводзілася ў школе для таго, каб звярнуць увагу дзяцей на прафесію педагога. У трэцяй чвэрці класныя кіраўнікі 8-9 класаў запрашалі на класныя і інфармацыйныя гадзіны педагогаў, якія дзяліліся тым, якім быў іх шлях да дадзенай прафесіі.

Так, у 8 “В” класе прайшла класная гадзіна “Як знайсці сваё пакліканне? Прафесія – педагог” на класную гадзіну была запрошаная намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марыя Сташко.

Размаўляючы з вучнямі, Марыя Эдуардаўна пазнаёміла іх з гісторыяй педагагічнай прафесіі, з тым, што першыя настаўнікі з'явіліся яшчэ да н.э., расказала, чаму яна выбрала гэты шлях і чаму не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі.

Акрамя таго, васьмікласнікі даведаліся, у якіх установах адукацыі можна атрымаць прафесію настаўніка, дзе ўзяць мэтавы кірунак, што такое педагагічныя класы і якія існуюць ільготы паступлення ў БДПУ імя Максіма Танка пасля іх заканчэння.

Сустрэча навучэнцам вельмі спадабалася, некаторыя казалі, што задумаліся аб тым, каб звязаць сваю будучыню з прафесіяй настаўніка.

Марыя Эдуардаўна запэўніла вучняў, што іх будуць рады бачыць у сценах роднай школы ў якасці педагога, а яшчэ адкрыла сакрэт, што класны кіраўнік 8 “В” Таццяна Скрыпнік – былая  яе вучаніца, чым яна вельмі ганарыцца.

Гісторык культуры, публіцыст, педагог Жак Барзен пісаў: “Настаўніцтва – не страчанае мастацтва, але павага да настаўніцтва – страчаная традыцыя". Хочацца верыць, што і ў нашай школе, і ў нашай краіне назаўсёды захаваецца традыцыя паважлівага стаўлення да настаўніцкай прафесіі.

Фотогалерея: