РУ БЕ EN

Настаўніца па жыцці

30.09.2022

Маленькая Данута сядзела ў куточку класа і назірала за тым, як маці-настаўніца вядзе ўрок. Ірына Пятроўна так захапілася тлумачэннем новай тэмы, што зусім забылася пра малодшую дачушку, якая так пільна назірала за кожным рухам маці, слухала кожнае яе слова… У сэрцы дзяўчынкі цеплілася вялікае жаданне: узяць матчыну ўказку і працягнуць замест яе гэты ўрок, выклікаць да дошкі вунь таго непаслухмянага хлапчука з апошняй парты, затым вунь тую дзяўчынку… А напрыканцы ўрока, калі ўжо ўсё будзе патлумачана і адпрацавана, раскрыць запаветную кнігу пад назвай “Класны журнал” і ўпэўненай рукой “маляваць” лічбы ў маленькія клетачкі…

Не стаць настаўніцай Данута Балыш проста не магла. Дзяцінства, праведзенае разам з маці ў школе, поўнасцю прадвызначыла лёс дзяўчынкі. Калі яна, маленькая, назірала за тым, як маці вядзе ўрок, то не думала пра тое, каб хутчэй падрасці і сесці за парту. Яна марыла пра іншае месца – настаўніцкі стол.

- Усё сваё дзяцінства я гуляла з сяброўкамі ў школу. Зразумела, што заўсёды была настаўніцай. Сяброўкі парой так стамляліся ад гэтай гульні, што пачыналі разбягацца, - усміхаецца Данута Феліксаўна.

Аднойчы маці дазволілі забраць са школы старэнькую спісаную парту. Яна прынесла яе дадому. Радасці Дануты не было межаў: “Цяпер я змагу гуляць у сапраўдную школу!”. Гэты шчаслівы дзень Данута Феліксаўна запомніла на ўсё жыццё.

Пасля заканчэння школы Данута Балыш паступіла ў Гродзенскае педагагічнае вучылішча, пасля скончыла Мінскі педуніверсітэт. Свой працоўны шлях пачынала ў Вішнеўскім дзіцячым садку, пасля на працягу 13 гадоў працавала ў Малінаўскай базавай школе настаўніцай пачатковых класаў. У 2003 годзе стала дырэктарам гэтай школы. У 2006 годзе вясковую школу закрылі, а дырэктару прапанавалі ўзначаліць установу адукацыі ў Жодзішках. І вось ужо 16 гадоў Данута Балыш кіруеЖодзішкаўскай сярэдняй школай.

- Настаўніцай была не толькі мая маці, але і свёкар Сцяпан Аляксеевіч. Кожны з іх быў настаўнікам па прафесіі і настаўнікам па жыцці. Яны аказалі вялікі ўплыў на маё станаўленне як педагога. Вельмі ўдзячна ім за дапамогу і слушныя парады, - расказвае Данута Феліксаўна.

Жанчына з усмешкай успамінае, як пэўны час маці правярала яе работу: прыходзіла ў школу і глядзела дакументы, кантралявала, ці праверыла дачка вучнёўскія сшыткі, а кожная раніца пачыналася з патрабавання паказаць рабочы план урока. Сёння Данута Балыш удзячна маці за яе патрабавальнасць, за тое, што ўсё жыццё вучыла адказнасці і добрасумленнасці.

Для Дануты Балыш школа – значна больш, чым месца працы. Жанчына выгадавала сына, які ўжо даўно вылецеў з бацькоўскага гнязда, і таму яна мае магчымасць не шкадаваць часу для галоўнай справы свайго жыцця.

- Калі пра работу гавораць “другі дом”, я не бачу ў гэтым мастацкага перабольшвання, тым больш, калі гаворка ідзе пра школу. Для мяне важна ўсё, пачынаючы з прышкольнай тэрыторыі і заканчваючы вучэбнымі дасягненнямі навучэнцаў. Кожны свой працоўны дзень загадзя планую, стараюся правільна размеркаваць час, - расказвае суразмоўца.

Данута Феліксаўна адзначае, што ў Жодзішкаўскай школе працуюць высокаадукаваныя, вопытныя педагогі. Дырэктар заўсёды можа спадзявацца на сваіх намеснікаў – Людмілу Рогач і Марыну Сабініч.

- Па жыцці я – аптыміст. З жаданнем прыходжу на работу, з настроем іду дадому. Не люблю ныцікаў. Усё ў руках кожнага з нас. Астатняе – дзесьці лянота, дзесьці нежаданне… Я не люблю слова “праблемы”, замяняю яго на слова “пытанні”. Пытанні вырашаюцца па меры паступлення. Не разумею, што значыць быць у дэпрэсіі. Такога слова ў маім лексіконе няма, - разважае Данута Балыш.

На мой погляд, Данута Феліксаўна, як яе маці і свёкар, на якіх яна ўсё жыццё раўнялася, таксама стала настаўнікам па прафесіі і настаўнікам па жыцці. Яна адзначае, што расчаравання ў выбранай прафесіі не прыхо­дзіла ні на хвіліну. Бываюць цяжкасці, бывае пачуццё стомленасці, алеідзеш па доўгаму школьнаму калідору, і табе насустрач бягуць першакласнікі. “Прывітанне, Данута Феліксаўна! Якая ў Вас прыгожая сукенка!” – гэтыя словы рассейваюць усе цяжкасці, перамагаюць стомленасць. Радасць у дзіцячых вачах – найвялікшы стымул працаваць і прыносіць плён.

Напярэдадні Дня настаўніка ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшла ўрачыстасць, на якой ушанавалі прадстаўнікоў педагагічнай галіны. За самаадданую працу і высокія прафесійныя навыкі Данута Балыш была ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”. Узнагароду ўручыла Галіна Курганская, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.